Пра беларускае мастацтва 1920-х гадоў ведаюць дзякуючы імёнам Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Юдаля Пэна, Язэпа Драздовіча, Алены Кіш… Якія тагачасныя творцы маглі б стаць новым беларускім брэндам? Запрашаем паразважаць над гэтым пытаннем падчас дыскусіі “Беларускае мастацтва міжваеннага часу: паміж нацыянальным і сусветным”, якая адбудзецца 5 красавіка 2019 года ў межах Фестывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” Месца правядзення: культурніцкая прастора ОК-16 (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16/1). Пачатак сустрэчы – 11.50. Наша размова будзе прысвечана творчаму лёсу мастакоў 1920-х гадоў, якія падтрымлівалі ідэю нацыянальнага адраджэння. Будзем абмяркоўваць значэнне выяўленчага мастацтва ў нацыянальнай культуры і паспрабуем вызначыць, чаму імёны тагачасных мастакоў вядомыя сёння менш за імёны літаратараў. Нагода для размовы – выданне кнігі Ігара Ціткоўскага “Мастацтва Случчыны. Гісторыя, імёны, творы”. Удзельнікі сустрэчы: Вольга Архіпава – мастацтвазнаўца, культуролаг, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Спецыяліст у галіне гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва ХХ–ХХІ стст., арганізатар шматлікіх выстаў. Надзея Усава – мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Аўтар шасці манаграфічных выданняў з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі” Сябар экспертнага савета “Белгазпрамбанка” па закупцы твораў мастацтва, сябар рабочай групы па стварэнні канцэпцый асобных экспазіцый Нясвіжскага і Мірскага замкаў (2009–2012). Мікола Купава – мастак, ілюстратар, удзельнік “Беларускай майстроўні”, адзін з заснавальнікаў суполкі “Пагоня”. Узнагароджаны дыпломам і медалём Францыска Скарыны за аздабленне энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988). Удзельнік шматлікіх нацыянальных, персанальных і міжнародных выстаў. Ігар Ціткоўскі – мастак, педагог, аўтар даведнікаў па гісторыі архітэктуры і мастацтва Случчыны, артыкулаў, прысвечаных гісторыі і культуры Случчыны. Віктар Жыбуль – літаратуразнаўца, архівіст, паэт. Кандыдат філалагічных навук. Вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сфера навуковых зацікаўленняў: беларуская літаратура міжваеннага перыяду, дзейнасць творчых згуртаванняў 1920–1930-х гг. Укладальнік кніг А. Наўроцкага, Ю. Лявоннага, А. Бабарэкі, лаўрэат літаратурнай прэміі "Празрысты Эол – 2018" у намінацыі "Літаратуразнаўства". Мадэратар – Алеся Чарнавокая, літаратуразнаўца, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, рэдактар кнігі “Мастацтва Случчыны”. Запрашаем усіх зацікаўленых! Уваход вольны.